КАТАЛО́НСКІЯ ГО́РЫ,
горы на ПнУ Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі. Даўж. каля 250 км. Цягнуцца з ПнУ на ПдЗ уздоўж берага Міжземнага м., ад Пірэнеяў да нізоўя р. Эбра. Складаюцца з двух паралельных ланцугоў — прыморскага (выш. 400—600 м) і ўнутранага (выш. да 1712 м, г. Монтсень), размежаваных падоўжнай тэктанічнай упадзінай. Складзены з крышт. парод палеазою (граніты, кварцыты і інш.), а таксама з вапнякоў, пясчанікаў і глін мезакайназою. Карст. Клімат міжземнаморскі. Лясы з дубу, каштану, буку, алепскай хвоі, пініі; маквіс. У перадгор’і плантацыі аліў, вінаграднікі, сады, пасевы кукурузы, пшаніцы.
т. 8, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)